Амбасада Беларусі ў Маскве "ўключылася" ў інфармацыйную вайну
Амбасада Беларусі ў Маскве рэзка адрэагавала на “легковесные размышлизмы” па пытаннях развіцця беларуска-расійскіх адносін галоўрэда “Маскоўскага камсамольца”. “Галасуючы за Аляксандра Лукашэнку, беларусы выступілі за моцную і аўтарытэтную ўладу, за парадак і адказнасць у краіне без карупцыі, крадзяжу і здрады нацыянальных інтарэсаў”, - адзначылі ў амбасадзе.
“Хачу Вас запэўніць: ніякія надзеі нядобразычліўцаў Беларусі не апраўдаюцца. Гэтага не адбудзецца ніколі. Беларускія людзі самі вырашылі, каму даверыць вышэйшую ўладу”, - падкрэсліў прэс-сакратар амбасады Аляксандр Гардзяйчук.
На яго думку, адрасат адкрытага ліста, імя якога не згадваецца, у эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы” 25 траўня абразіў “кіраўніка дружалюбнай Расіі дзяржавы, а значыць і простых грамадзян Беларусі”. Прэс-сакратар амбасады выказаў меркаванне, што “ангажаваныя матэрыялы” і “тэндэнцыйныя «смажаныя шэдэўры»” выкліканыя асабістай помстай галоўрэда “МК” праз тое, што той “па аб’ектыўных прычынах не прыжыўся ў Беларусі”.
Аляксандр Гардзяйчук параіў не спяшацца “залічаць у маргіналы тых, хто бачыць нашы краіны (Беларусь і Расію - Тэлеграф) у будучыні надзейнымі партнёрамі”. Паводле яго слоў, “наіўныя домыслы аб тым, што, маўляў, «Расія стварыла ў Беларусі цяжкую эканамічную сітуацыю з валютай»” з’яўляецца паклёпам на расійскае кіраўніцтва.
Як паведамляў Тэлеграф, галоўны рэдактар газеты “Маскоўскі камсамолец” Павел Гусеў у жорсткай форме пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб магчымым вызваленні ўсіх асуджаных удзельнікаў мітынгу апазіцыі ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Гэтыя словы беларускага лідара былі адрасаваныя Захаду і Расіі, якія асудзілі расправы над апазіцыяй у краіне і адмаўляюць Аляксандру Лукашэнку ў “матэрыяльнай дапамозе”, у той час як эканоміка Беларусі адчувае найвастрэйшы крызіс, лічыць расійскі журналіст.
“Ленін казаў аб такіх з зусім дакладным азначэннем: “палітычная прастытутка”. Лукашэнка - палітычная прастытутка, якая ўсе гэтыя гады віхляе хвастом, лычом і ўсімі астатнімі часткамі цела туды, куды паказвае вектар сілы”, - сказаў Павел Гусеў.