Актывістку "Еўрапейскай Беларусі" адлічылі з ВНУ "за палітычныя перакананні"
Ірыну Пятрову, актывістку грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, якую ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, адлічылі з трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Па сцвярджэнні дзяўчыны, выкладчыкі зрабілі ўсё, каб яна не здала залік праз яе актыўную палітычную дзейнасці ў апазіцыі.
Дзяўчыне, якая вучылася на завочным аддзяленні, не ўдалося здаць залік па лыжным спорце, паведамілі ў прэс-службе “Еўрапейскай Беларусі”.
“Яшчэ калі мы ўсёй групай яго здавалі, усе заўважылі асаблівае стаўленне да мяне з боку выкладчыкаў і дзівіліся, чаму ўсе здалі, а я адна не. І залік праходзіў вельмі цікава: ва ўсіх прасілі толькі паказаць адзін класічны лыжны ход і ставілі “залік” за гэта. Да мяне ж былі абсалютна іншыя патрабаванні. У выніку мяне адправілі здаваць залік на камісію”, - распавяла былая студэнтка БДПУ.
На камісіі дзяўчыне таксама паставілі “незалік”. “Калі пра гэта даведаліся мае аднагрупнікі і некаторыя выкладчыкі, яны не маглі паверыць: наш універсітэт заўсёды славіўся тым, што цягне студэнтаў да апошняга, дае па пяць разоў камісію здаваць, заўсёды падцягвае студэнта”, - адзначыла Ірына Пятрова.
“У выніку я сказала, што я ўпэўненая, што мяне выганяюць праз мае палітычныя перакананні і актыўныя апазіцыйныя дзеянні. Члены камісіі апусцілі вочы і амаль нічога не адказвалі. Пра маю палітычную дзейнасць, аказваецца, яны былі добра дасведчаныя і не хавалі гэтага” - патлумачыла адлічэнні студэнтка.