ААН рэкамендавала Беларусі прыпыніць будаўніцтва АЭС
Камітэт па выкананні Канвенцыі Эспа (аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце), які дзейнічае пры Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, прызнаў парушэнні, дапушчаныя Беларуссю пры планаванні АЭС. У сувязі з гэтым міжнародны камітэт рэкамендаваў уладам прыпыніць будаўніцтва АЭС.
У міжнародную камісію на невыкананне Беларуссю канвенцыі пры планаванні АЭС паскардзілася ўкраінская экалагічная арганізацыя “Экаклуб”. У верасні 2009 года камітэт адкрыў разгляд пытання і падаў запыт ўраду Беларусі. 11-13 студзеня 2011 года на 20-й сэсіі ў Жэневе камітэт разгледзеў адказ беларускага ўрада, а таксама дадатковую інфармацыю аб неабходных прававых і адміністрацыйных мерах, прынятых дзяржавай для выканання палажэнняў канвенцыі, перадае БелаПАН. **
Разгледзеўшы ўсе дакументы, камітэт адзначыў, што “папярэдняя і канчатковая дакументацыя ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС істотна адрозніваліся”. На думку камітэту, гэта можа сведчыць аб “больш агульных сістэмных неадпаведнасцях паміж канвенцыяй і экалагічнай ацэнкай ў рамках дзяржаўнай экалагічнай экспертызы”.
Камітэт ААН рэкамендаваў Беларусі падаць іншым краінам дакументацыю па АЭС** **
Камітэт рэкамендаваў уладам краіны да прыняцця канчатковага рашэння аб будаўніцтве беларускай АЭС даць канчатковую дакументацыю аб АУНА закранутым краінам і даць ім неабходны час на каментары.
Акрамя таго, сакратар Канвенцыі Эспа Нік Банвоза паведаміў, што камітэт у чэрвені 2011 года ў Жэневе мае намер правесці закрытае пасяджэнне ў прысутнасці афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі.
Даведка:**
Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце была прынята 26 лютага 1991 года. Беларусь таксама падпісала дадзеную канвенцыю, аднак у сілу для краіны яна ўступіла толькі 8 лютага 2006 года.